ЖЫЦЦЁ Ў ГУЛЬНІ

ЖЫЦЦЁ Ў ГУЛЬНІ

інтэрв'ю з мастаком-ілюстратарам Паўлам Татарнікавым

Цяжка знайсці другую палову, нялёгка выхаваць дзіця, складана адразу і дасканала зрабіць рамонт у кватэры… Але адзін з самых вялікіх стрэсаў, з якімі сутыкаецца ў маладым узросце кожны чалавек, – выбар прафесіі. І добра калі гэта датычыцца толькі вызначэння з кірункам дзейнасці, бывае, даводзіцца тлумачыць блізкім і родным мэтазгоднасць будучай спецыяльнасці. Трэба валодаць багатай фантазіяй, ведаць прыёмы рытарычнага майстэрства, каб ва ўсіх колерах, упэўнена ды са станоўчым вынікам давесці да таты-банкіра і маці-эканаміста станоўчыя бакі пісьменніцкага рамяства.

Усе фразы, кшталту: «галоўнае, каб падабалася», «я больш нічога не ўмею рабіць», «гэта сэнс усяго жыцця», «а як жа ганарар за Нобелеўскую прэмію?» не будуць мець задавальняючага выніку. Тое самае і з роднымі-філолагамі. Абіраеш прафесійным шляхам кулінарыю, лічы – здрадзіў усяму роду …-скіх, …-вых ці …- іч. Найлепшай падаецца сітуацыя, калі дзіцё яшчэ ў маленькім узросце бавіцца з пэндзлікамі, алоўкамі ды малюе на падлозе  паміж бацькавым мальбертам і матуліным трыножнікам нешта круглае з вочкамі. А пасля ляціць да матулі з крыкам: «Гэта табе!». І бацькі з замілаваннем вывучаюць першыя праявы мастацкага таленту ў любімага сына.

Прыкладна так было і ў мастака Паўла Татарнікава. Толькі ў дзяцінстве ён яшчэ любіў удасканаліць кніжныя ілюстрацыі – дамаляваць сям-там меч ці сякіру, а можа, нават і войска, якога так не дастае князю. Кажа, што ў матулі дагэтуль захоўваюцца асабліва ўдалыя прыклады яго эксперыментаў.
Даведка— Мая старэйшая сястра таксама малявала. Пакуль мы былі дзецьмі, дазвалялася нават сцены размалёўваць. Мы жылі ў прыватным доме ў Брэсце і за два гады да зносу разам з бацькамі (яны мастакі) размалявалі пакоі. Было вельмі незвычайна: прафесійныя партрэты, пейзажы, дзіцячыя спробы – усё гэта ператварала будынак у нейкую адмысловую галерэю, ілюзіён.

— Бацькі моцна паўплывалі на выбар прафесіі?

— Моцна – гэта мякка кажучы. Увесь час я знаходзіўся сярод фарбаў, паперы, алоўкаў. Няспынна нешта маляваў. А ў дзіцячым садку, калі яшчэ не ўмеў чытаць, мог проста доўгі час сядзець і глядзець кніжныя малюнкі. Спачатку гартаў злева направа, потым справа налева. Пры гэтым зусім не хацеў паводзіць сябе як нармальнае сярэднестатыстычнае дзіця: не еў цыбуліны ад кветак, атрутныя ягады… Аднойчы нават выхавацельніца сказала матулі, каб яна адвяла мяне да псіхіятра, маўляў, такія паводзіны для дзіцяці ненармальныя. Але псіхіятр сказаў, што з малым усё добра і параіў прывесці да яго выхавацельку. Жартую! (смяецца). Кажуць, дзіцё гуляецца да 9-ці гадоў. А пасля альбо перастае і пачынае рабіць штосьці больш асэнсавана, альбо працягвае гуляцца далей, і гэта пераходзіць у прафесію. Я не спыніўся і гуляюся дагэтуль.   

— Зараз Вы жывеце за горадам?

— Так. У нас была з жонкай кватэра, але мы яе прадалі і зараз будуем уласны дом на Валожыншчыне. Там цудоўныя мясціны. Нам хочацца жыць менавіта ў сваім доме. Гэта натуральна. У мяне зроблена выдатная майстэрня. А ад  горада я стамляюся. Ды і з дзіцём лепей быць бліжэй да прыроды.

— Ваш дзіцёнак малюе?

— Безумоўна. Але ж ён ад першых месяцаў бывае ў майстэрні і ведае мастацкую кухню. Бачыць, што ў бацькі процьма рознакаляровых слоічкаў, можна спрытна ўзяць вялікі пэндзаль, правесці ім па паперы, пасля тое ж паўтарыць з маленькім. Я яшчэ падсоўваю яму паперу метр на метр, і ён па ёй поўзае, нешта малюе. Пакуль гэта проста гульня. Рана казаць, ці стане малы мастаком. Спецыяльна рабіць для гэтага нічога не буду.
 


— А ў Акадэміі мастацтваў да Вас заўжды трапляюць таленавітыя студэнты? Не даводзілася тлумачыць памылковасць у выбары прафесіі?

— Яны ж папярэдне вучацца ў мастацкім каледжы ці вучылішчы і абіраюць гэты шлях свядома. Тым больш здаюць іспыты. Часта бывае пасля заканчэння дзяўчына выходзіць замуж, нараджаюцца дзеці і яна становіцца хатняй гаспадыняй. Дык гэта цудоўна, значыць, з дапамогай гуманітарнай адукацыі яна штосьці зможа даць дзецям.

— У ВНУ Вы працуеце пэўна ж не дзеля грошай.

— Увесь выкладчыцка-прафесарскі склад жартуе, што мы б самі даплачвалі, каб выкладаць тут. Гэта сацыялізацыя перш за ўсё. Ёсць натуральнае жаданне перадаць уласныя веды. Калі прагаворваеш думкі ўслых, лепей разумеш, што ты робіш. Я працую на палову стаўкі: выкладаю кампазіцыю і пленэрную летнюю практыку. А ўвесь астатні час ідзе на кніжную графіку.

— А бывае, што не хочацца працаваць?

— Вельмі часта. Калі правесці рэферэндум сярод школьнікаў, яны ўсе прагаласавалі б за тое, каб не падымацца а 7-ай і не хадзіць у школу. Калі ёсць нейкі вялікі праект,  пачынаеш працаваць з імпэтам, а ён расцягваецца на доўгі час, наступае эмацыйнае стамленне. Тады трэба рабіць перапынкі ці пераключацца на механічныя задачы, каб адпачыць.

— У выніку ў добрай працы чаго больш: прафесійнасці, натхнення?

— Я ўпэўнены, кіруючыся вопытам калег і папярэднікаў, што 90 працэнтаў творчасці – метадычная праца, рамесніцкая, выканаўчая дзейнасць. І толькі 10 працэнтаў – талент і натхненне. Трэба прымусіць сябе працаваць, і тады ўсё атрымаецца.
 


— Ёсць розныя метады і прыёмы ў творчай дзейнасці. Напрыклад, браты Хільдэбрандты, калі стваралі календары паводле “Уладара пярсцёнкаў” Д. Р. Р. Толкіна, апраналі ў адпаведнае адзенне сяброў, знаёмых, дзяцей. Пасля фактычна спісвалі з натуры. Ці блізка гэта Вам?

— Каб была магчымасць, я, можа, так і рабіў бы. Але карнавал быў толькі на каляды, калі апраналі чырвоныя каптурыкі дзеля ўласнага задавальнення. Я досыць рэгулярна абіраю рэальных людзей у якасці прататыпаў. Зараз працуем над праектам па кнізе Уладзіміра Арлова “Адкуль наш род”. Я павінен зрабіць ілюстрацыі – рэканструкцыі гарадоў, замкаў беларускіх і партрэты ад старажытнейшых часоў да 19 ст. Шмат якіх персаналіяў з нашай гісторыі не маюць ніякіх выяў. Тут ганаровая задача самому абраць вобразы. Калі мастак піша партрэты без мадэлі, яны часам падобныя адзін да аднаго. Таму трэба выбіраць жывых людзей. Ян Матэйка – адзін з найбольш вядомых прыкладаў. Калі ён пісаў польскіх каралёў, шукаў мадэлі на вуліцах. Я бяру знаёмых.

— Калі Вы працавалі над ілюстрацыямі да Снежнай Каралевы, хто стаў правобразам?

— Герда падобная на маю жонку ў дзяцінстве. Кай – на майго знаёмага. Са Снежнай Каралевай было складана. Кніга рыхтавалася для тайваньскага выдавецтва. У кітайцаў ёсць стэрэатыпічныя погляды на твары еўрапейцаў. Я рабіў скандынаўска-нардычны тып, а ім гэта не вельмі спадабалася. Рэч у розных канонах прыгажосці. Бываюць кампрамісы, на якія трэба ісці.

— Калі Вам робяць некалькі прапаноў, звязаных з аздабленнем кніг, якія абіраеце?

— У першую чаргу тое, што мне цікава. Прайшоў перыяд, калі проста шукаў працу і згаджаўся на многае. Я адмаўляюся ад праектаў, якія не адпавядаюць маім грамадскім ці эстэтычным патрабаванням.

Дарэчы, заўжды цалкам чытаю кнігі, над якімі працую. Немагчыма праілюстраваць тэкст, калі яго не прачытаў. А калі трапляецца графаманія, стараюся лагодненька адмовіцца.

— Мая сяброўка сцвярджае, што ў добра аформленай кнізе заўжды будзе намалявана мыш. Ці ёсць у Вас нейкі ўласны сімвал ці пэўны вобраз, дэталь, якую імкнецеся пакідаць у работах?

— Дарэчы, мышы ў мяне таксама ёсць. А мой сябра-рэжысёр кажа, што ў любым кіно абавязкова павінна быць прыгожая дзяўчыны, аэраплан… Сказаць, каб наўмысна штосьці маляваў, складана. Напэўна, дрэвы ёсць амаль у кожнай кнізе. Але нейкага клейма няма. Я нават подпісы не заўжды стаўлю. Стараюся, каб кожная кніга была непадобнай па афармленні на папярэднюю.

— А Вы падпарадкоўваецеся тэксту, калі працуеце?

— Існуюць розныя віды тэкстаў па ўспрыманні. Апісальна-апавядальная проза ўтрымлівае дасканалае апісанне асяроддзя, сцэн. Гістарычная мастацкая літаратура ставіць адны задачы, навуковая – іншыя. Мастак павінен ім падпарадкоўвацца. Калі трэба паказаць, як выглядаў гаршчок у 15 ст., нікуды не дзенешся, варта шукаць выявы і перадаваць дакладна. Для таго і вучышся. Майстар не проста зарабляе на жыццё сваёй працай, але і здольны прафесійна выканаць пастаўленую задачу.

— А ў Вас ёсць пэўныя вобразы, створаныя іншымі аўтарамі, ці імкнецеся Вы іх пазбягаць?

— Безумоўна, варта пазбягаць. Тая ж «Снежная каралева» – класічны твор дзіцячай літаратуры, хрысціянская прытча, якую ведаюць усе. Рабілі мультфільмы, здымалі кіно. Існуюць пэўныя стэрэатыпы. Мне хацелася стварыць новую эстэтычную форму. Зіму я хацеў зрабіць сваю, як я яе адчуваю. Мне было цікава азнаёміцца з арыгіналам гэтай казкі. У Савецкім саюзе яе цалкам пазбавілі хрысціянскай напоўненасці. У Андарсана па-просту напісана было і пра люстра, якое неслі чэрці і разбілі, каб занесці людзям гонар. А Герда ўратавала Кая не гарачым сэрцам, а малітвай «Ойча наш». І ёй дапамагаюць анёлы пад началам архістратыга Міхаіла. І зараз, калі паглядзець сучасныя рускамоўныя пераклады, чамусьці абіраюць савецкі стандарт.

— А для Вас істотны хрысціянскі падтрэкст у кнігах?

— Безумоўна. Калі ён ёсць, трэба яму адпавядаць. Мне здаецца, ва ўсіх маіх работах ёсць хрысціянскі падтэкст. Як і ў большасці праектаў, над якімі я працаваў.

— А зараз над чым Вы працуеце?

— Над кнігай Уладзіміра Арлова. А яшчэ для шырокага кола чытачоў існуе міжнародны праект пра генезіс стварэння свету па біблійным тэксце. Каб не друкаваць у дзіцячай кнізе арыгінальны рэлігійны тэкст, абралі лібрэта араторыі Гайдна «Стварэнне свету». Адказная, складаная, але цікавая работа. Мне здаецца, нячаста выпадае такое рабіць.

— А блаславенне на працу бярэце?

— Так. На іконы, кананічныя выявы. Быў выпадак, калі пісаў ікону. Гэта вельмі цудоўна паўплывала на мяне. Ёсць зараз і пэўная ідэя з айцом Сергіем Лепіным, настаяцелем Спаса-Праабражэнскага храма ў мястэчцы Ракаў Валожынскага благачыння Мінскай епархіі. Там у яго нядзельная школка, тэатр. І ёсць задумы па аздабленні храма. Магчыма, калі Бог дапаможа, атрымаецца аднавіць копію цудатворнай іконы Ракаўскай Багародзіцы.

— А кананічныя законы не абмяжоўваюць?

— Гэта памылковае меркаванне пужае недасведчаных мастакоў. Калі паглядзець, эфіопскія, сірыйскія, грузінскія, егіпецкія іконы – кананічныя? Так. Але па-рознаму. Яны непадобныя паміж сабой. Канон – дастаткова важная рэч, якую трэба ведаць, паказаць, выкарыстаць, каб не згубіць дагматычнае правіла. А ўсё астатняе дазваляе праявіць майстэрства, прафесійнасць і талент.

Оставить комментарий

Павел Татарников, фото idm-book.podfm.ru
Ілюстрацыя да выдання "За наміткай гісторыі"
Ілюстрацыя да выдання "За наміткай гісторыі"
Кажуць, дзіцё гуляецца да 9-ці гадоў. А пасля альбо перастае і пачынае рабіць штосьці больш асэнсавана, альбо працягвае гуляцца далей, і гэта пераходзіць у прафесію. Я не спыніўся і гуляюся дагэтуль.

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ

Анна Дудкова
для тех, кому «хорошие» не...
Елена Бабич
Говорим с настоятелем Свято-...
Наталья Гапличник
Елена Бабич
Наталья Гапличник о том,...