Размова з інакам Мікалаем (Бембелем)
…ёсьць запавет зусім ня новы,
яго Хрыстос не адмяняў:
хай ўслаўляюць ўсе мовы
Сьвятое Божае Імя…
Пытанне нацыянальнай мовы ў Царкве для нас, здаецца, не такое балючае, як для абодвух нашых Праваслаўных суседзяў. У Расіі яно суадносіцца з жаданнем спрасціць цяжкаўспрымальную царкоўна-славянскую, на Украіне – з жаданнем падкрэсліць уласную нацыянальную свядомасць. Ва ўсякім разе, так гэта бачыцца нам – тым, хто, па словах інака Мікалая (Бембеля), знаходзіцца ў “воку тайфуна” – суцішным месцы, вакол якога пануе бура.
Шчыра кажучы, не ведаю, што зберагае гэтае зацішша: ці то наша праваслаўная свядомасць і адукаванасць, ці то нацыянальная несвядомасць і неадукаванасць. Мне здаецца, у нас атрымліваецца нейкая сумесь свядомасці ў сэнсе А і несвядомасці ў сэнсе Б. Першае – свядомасць духоўная – дадзена нам Госпадам і шчыра прынятая, другое – хвароба, якую мы ўзрасцілі ў сабе самі. Дзякуючы ёй, дарэчы, падобных да тых, хто крычыць ў Расіі пра пераклад незразумелых багаслужэбных тэкстаў на рускую мову, у нас амаль не можа быць – для іх аднолькава незразумелай была б і беларуская. Тыя ж, для каго ў набажэнстве галоўнае слова “нацыянальнае” альбо “беларускае” замест “Хрыстос”, трапляюць часта ва ўніяты. Гэтая сітуацыя пакідае ў Праваслаўнай Царкве хрысціян, а не рэвалюцыянераў, за гэта дзякуй Богу. Але гэта пра тых, хто застаецца. Што ж наконт тых, хто прыходзіць?
Калі крыху згвалтаваць законы логікі і адразу заявіць – у Царкву прыходзяць лепшыя, то гэтыя лепшыя, па частцы сваёй “лепшасці”, любяць і шануюць Беларусь і беларускае. Тады першыя крокі гэтых людзей , магчыма, стануць больш рашучымі і хуткімі, калі будзе магчамасць сутыкнуцца з Беларуссю і тут. Можа, дазавана, не паўсядзённа, але сутыкнуцца. І справа тут не ў спрошчанасці (хутчэй нават ў новым узроўні складанасці), а ў тым, каб шляхам да Хрыста для людзей стала ў тым ліку і мова. Адзін з мільярдаў шляхоў. Не больш і не менш.
Менавіта гэтаму моўнаму шляху прысвечаная і наша сённяшняя размова з інакам Мікалаем (Бембелем). Відаць, найбольш вядомы моўны шлях да Бога на нашым прасторы даводзіцца праходзіць менавіта яму. Калі паэт, філосаф і музыкант становіцца манахам, ці ж не ў яго пытаць пра мову? Тым больш, што пытанне нашае датычыцца не толькі мовы як справы зямной, але і як шляху да Царства Нябеснага.
Сталася так, што размова наша адбылася акурат пад час выхаду новага зборніка Зьніча пад назвай “Крэсіва”. Тут выбраныя публікацыі розных гадоў і ўспаміны аўтара: усё ад філасофскай працы “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс” да зборніка вершаў “…Між тэктанічных пліт…”. Праўду кажучы, увесь моўны і нямоўны шлях тут як раз з самага пачатку і выяўляецца. Таму, жадаючым ведаць больш, чым напісана ў гэтым артыкуле, шчыра прапаную: Зьніч “Крэсіва” (Слонім, 2012). А пакуль звернемся да самой размовы, дзе вы прачытаеце сінтэз новага зборніка і некаторых уласных разваг. Ну і няхай будзе ўсё гэта, як любіць казаць айцец Мікалай, “на славу Божую, а не на наша славалюбства”.
… Не так трэба ратаваць Бацькаўшчыну.
Выратаванне – толькі ў Ісусе Хрысце.
Мова – шлях да Яго. Але толькі шлях. І толькі ў гэтай якасці яна мае сэнс, як і ўсё іншае.
Сама па сабе, без Яго, мова нічога не вартая. Як і ўвесь свет. Без Яго ўсё гэта – шлях ў нябыт...
(26 гадоў, беларус, тэолаг з Беласточчыны
Вытрымка з працы “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”, Лондан, 1995)
Упершыню гэтыя словы я пачула ў дакументальным фільме “Паэма веры”, створаным Андрэем Куцілам і Аляксандрам Налівайкам яшчэ ў 2006-м годзе. Фільм распавядаў пра манаха Жыровіцкай абіцелі інака Мікалая. Тады шмат чаго для сябе зразумела, шмат набыла новых пытанняў, але вось гэтая самая фраза ўсё не ішла з маёй галавы. Мусіць, таму што ўсвядоміла я яе неяк асабліва – розумам і сэрцам адчула пра што размова… Адчула, бо ведала ролю беларускай мовы як значнай часткі “шляху да Яго” ў сваім жыцці, ведала, што значыць забраць у мяне гэтую частку. Для мяне гэта значыць – ахвяраваць шчырасцю. Дык вось з таго дня гэтае разуменне запрашала мяне на гаворку пра “моўны шлях” з тым, хто гэтыя словы тады сказаў. Нарэшце адбылося.
АЛЕНА БАБІЧ: Так, мова – адзін з мільярду шляхоў. Давайце, пра яго і пагаворым. Моўны шлях да Бога, што гэта значыць для Вас?
ІНАК МІКАЛАЙ: Адказ на вашае пытанне знойдзеце вось прама ў гэтай кніжачцы (Айцец Мікалай разгортвае першую старонку новага зборніка, звяртаецца да працы “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”). Як толькі яе адкрываем, тут напачатку зварот да чытача:
Шаноўны чытач!
...лірычныя героі тэкстаў гэтага зборніку – розных часоў і плямёнаў – пакутуюць шматвяковымі “праклятымі пытаннямі”:
“…якімі сьцяжынамі крочыць да Богачалавека (ці – ад Яго)?..
…якое мейсца аддаем Яму ў сэрцы сваім?..
…якой мовай зь Ім размаўляем?.. дзе тая нітачка, што злучае Айчыну Нябёсную і зямную?..
…альбо:
…Хрысьце, што мы думаем пра Цябе?..
…што мы думаем пра цябе,
Беларуская мова?..”
…запрашаем Вас далучыцца да гэтага таемнага – салодкага і горкага – мучэння…
Дык вось гэта і ёсць кароценькі адказ. Прычым адказ не ў форме адзінавернага павучання, а ў форме жывога дыялогу лірычных герояў розных часоў і плямёнаў. Пад некаторымі выказваннямі ёсць некаторыя звесткі: узрост, нацыянальнасць і прафесія чалавека, каторы гаварыў. Звычайна без імя, але некаторыя ўсё ж падпісаныя. Іншыя выступаюць і адказваюць проста ў форме лірычных герояў вершаў.
…чаму ж твае ўнукі, Янку, паклалі вуха
пад кіпцюр мядзьвежы?...
(з верша “Купалу”)
АЛЕНА БАБІЧ: Гэта ўсе разам, у паўнаце разумення. А Ваш прыватны моўны шлях, які ён?
ІНАК МІКАЛАЙ: Пачаўся ён з грашэння супраць маёй бабулі Хрысціны. Калі я яшчэ быў піянерам і чуў, як яна на ноч малілася. А малілася яна так: “Госпадзі, спасі і памілуй маіх дзетак, унукаў і Андрэя Анухрывіча”. Ну, тады піянеры лічылі, што вера – гэта справа толькі цёмных бабуль, прычым, бабуль пераважна вясковых, каторыя па-гарадскому нават размаўляць не ўмеюць. Вось мая бабуля Хрысціна была менавіта той бабуляй. Было мне тады можа якіх гадкоў дзесяць, а я ўжо лічыў сябе значна больш адукаваным, больш разумным. Любіў бабулю і крышку пасміхаўся з яе. І асабліва гэтае “Андрэя Анухрывіча” – я прама за жывот браўся!
А потым гэты неўсвядомлены грэх супраць бабулі адгукнуўся, калі я ўжо рыхтаваўся паступаць ў аспірантуру Інстытута філасофіі і права. Тады тэма ў мяне набрыньвала “Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў духоўнай культуры”. Я ў той час жыў у Тарусе. Вядома, багемная мясціна, дзе ўся маскоўская літаратурная эліта збіраецца. І аднойчы сябры гэтыя мае, літаратары, кажуць нешта накшталт: “Ну скажы нам што-небудзь па-беларуску, распавядзі. Мы хочам музыку мовы пачуць”. І вось я – тыр-пыр… У школе нібыта і пяцёрка была… І такі сорам апёк!...
А пазней, калі ўжо самому адкрылася вера, я ўзгадаў тое яркае ўраджанне дзяцінства, як малілася бабуля і як я з яе пасміхаўся – і з малітвы яе, і з мовы яе. Моцна адчуў гэты грэх. А вось жывучы ў Тарусе і на Беларусь здалёк паглядаючы, успаміналіся лёсы Шапэна і Багдановіча, як яны сваю радзіму ўспаміналі. З гэтага шчымлівага пакаяння і пачалося вяртанне “блуднага сына” і да веры, і да мовы. А калі я ўжо збіраў канкрэтны матэрыял для дысертацыі, то ў размовах з людзьмі гэта ўсё яшчэ глыбей, мацней высвечвалася. Адгукнулася і вылілася ў рэшце рэшт у кнігу “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”. І па сёнешні дзень, як бачыце, выліваецца – на восьмым дзесятку ужо “блудны сын”. Ад піянерскіх гадоў да восьмага дзесятку – увесь гэты шлях і ў новай кніжачцы нейкімі прыступкамі пазначаны.
Самы час памаліцца
к р э ў н а – каб не памыліцца
(з верша “ – …позна, любы мой, позна…”)
АЛЕНА БАБІЧ: Ёсць такая асаблівасць: малітвы, якія ствараюцца сваімі словамі, у мяне чамусьці выключна беларускія. Тады я думаю: можа, у тым жыцці, дзе я размаўляю па-руску, я несапраўдная? Чаму з Богам я беларуска, а з людзьмі не заўсёды? Тое ж датычыцца і царкоўна-славянскай – ёсць нейкая супярэчнасць між тым, што я думаю і што вымаўляю. Ці яе проста не павінна быць?
ІНАК МІКАЛАЙ: На гэты конт ёсць верш невялічкі, які так і завецца – “Мова”:
…Мовай Славянскай
Гасподзь аб’яднаў
люд і абшар Праваслаўны…
блудных сыноў –
праз стагоддзі гукаў –
музыкаў Слова ў Храмах…
…з Мовы Славянскай сумоўе культур
і Праваслаўных плямёнаў
вырасла – між вынішчальных віхур
І авантур утрапёных…
Мовай Славянскай, –
як небам – крыло, –
рознаплямённыя мовы
поўняцца, жывяцца, зьзяюць нанова,
твораць прастору й сьвятло!..
Як Гасподзь распарадзіўся? Каб усе славянскія гаворкі абняла мова роўнаапостальных Кірыла і Мяфодзія. Яна іх абняла, яна іх да Хрыста далучыла і ўсе славянскія гаворкі ў сябе ўвабрала. Напачатку царкоўна-славянская прыкладна сем вякоў была і літугрічнай, і літаратурнай, і дзяржаўнай мовай. У тым ліку і мовай Вялікага Княства Літоўскага. Зразумела, з элементамі мясцовай гаворкі. Потым паціхеньку ўзраслі на аснове мясцовых гаворак младалітаратурныя славянскія мовы: вялікаруская, кіеваруская, беларуская. І вось што цяпер маем: хрысціянская Беларусь уступіла ў трэцяе тысячагоддзе Хрыстовай эры і ў другое тысячагоддзе свайго хрысціянскага існавання. Яна другую тысячу год ўжо моліцца. Літургічная мова ў яе царкоўна-славянская – 40 пакаленняў нашых малілася, значыць яна наша, гэта наш здабытак крэўны, Богам асвенчаны. Але наш здабытак за апошнія часы таксама мова беларуская – гэтае наша крэўнае багацце. Наша багацце, у параўнанні з іншымі плямёнамі, ў тым, што мы свабодна валодаем вялікарускай мовай – адной з сусветных моў, адной з моў ААН.
Нам надышоў час менавіта на мяжы тысячагоддзяў, калі больш глыбінныя плыні душы абуджаюцца, увесь тысячагадовы плён нашай хрысціянскай, а тут і моўнай, гісторыі ўвабраць, зберагчы ўсё, што нам Бог даў і памножыць, перадаць сваім дзеткам і плён замежных, і плён сваёй мовы.
…Вечнасьць абрала
Племя… і Час…
Шлях… і Аблічча…
і Слова…
каб прытуліцца да кожнага з нас
Духам
і Целам
Хрыстовым…
Чалавек з развітым духоўным слыхам знаходзіць вялікую асалоду, чуе непасрэдны рух існага, у гэтай музыцы, у якой – рэха гісторыі, прыроды і духа, яго народа… (пра музыку мовы)
(40 беларус, гісторык філасофіі, аўтаінтэрв’ю)
АЛЕНА БАБІЧ: І тым не менш, калі я ўпершыню апынулася менавіта на беларускім багаслужэнні, на вачах з’явіліся слёзы. Аднак не паспела я парадавацца яго прыгажосьці і цеплыні, як на розум прыйшла іншая думка: а ці духоўная мая радасць? Можа яна ўсяго толькі душэўная? Можа беларуская мова проста працуе для мяне як арган для каталікоў – прыцісканне такое эмацыянальнае. Ці ёсць на Ваш погляд сэнс ў гэтых развагах?
ІНАК МІКАЛАЙ: Існуе такое меркаванне, што музыка, калі яе разглядаць як выяўленне свету, ёсць адкрыццё больш высокае, чым мудрасць і філасофія, бо яна суадносіцца з мовай паняццяў, як гэтыя апошнія са светам асобных рэчаў. Гасподзь мне даў мажлівасць праз музыку зразумець паняцце поліфанія як паняцце татальнае, усеабдымнае, якое выходзіць за межы музыкі. Поліфанія гэта, калі казаць найбольш проста, – як шматгалосны спеў – двухгалосны, трохгалосны, чатырохгалосны – усе галасы гучаць, адзін аднаму ні ў якім разе не тое што не перашкаджае – наадварот, ён адцяняе, ён у рэзананс уключае абертоны. Галасы ўзаемна ўзбагачаюць і раскрываюць усю паўнату поліфаніі. Дык вось, наша нацыянальная моўная поліфанія складваецца так: літургічная мова славянская ўжо другую тысячу гадоў жыве, младалітаратурная мова таксама ўжо развілася, назапасіла такую моц, што фактычна дамінуе ў побыце тых беларусаў, якія ўсведамляюць сябе беларусамі.
У багаслужэнні пераклады Святога Пісьма на нацыянальныя мовы – гэта для кожнай мовы іспыт. Цяпер і ўсе літургічныя тэксты біблейская камісія фактычна пераклала. Есць усё – поўны моўны падмурак, на якім святары могуць і на сучаснай літаратурнай мове праводзіць багаслужэнні. Сёння мова працуе як поліфанія ў музычных творах: гучыць нейкі адзін голас, потым другі ўплятаецца, трэці і па-маленьку ўся поліфанія. Цяпер такі гістарычны этап, калі сучасная беларуская мова ў якасці літургічнай мовы ўваходзіць як бы другім голасам ў нашы багаслужэнні, бласлаўлённыя Экзархам. Іх ўжо і ўладыка Арцемій правоздьць. Гэта нармальны працэс, гэта цудоўна, гэта і для мовы, і для душы, і для племені ўцэлым, для паўнаты нацыянальнай, для паўнаты Божай задумкі пра наша племеня канкрэтна. Гэта найвялікшы дар Божы. Усю паўнату поліфанічнай Божай задумкі пра нас мы павінны спраўдзіць, увесь гістарычны плён сабраць. Асабліва шляхта тутэйшая, і сталая, і юная, якая ўсведамляе сваю адказнасць за нацыянальны лёс. Час збіраць камяні. Вось які час надышоў. Так што, дай вам Бог скарыстаць вельмі добрую стартавую пазіцыю. Наша пакаленне ў юныя гады самі ведаеце як прыціскалася. Нібыта травінкі з-пад асфальта, мы прарасталі, а вам дадзена фактычна абсалютная свабода – дзейнічай кожны, як сэрца падказвае. Ніхто не гвалціць, ніхто не рэпрэсуе за гэта. Раней у спецфондзе ўсё трэба было шукаць, па руках усё хадзіла. А сёння вось, калі ласка, у дзяржаўнай друкарні друкуецца тое, за што раней было вельмі строгае ўразумленне.
Цяпер, аднак, пануе гэты антыхрыставы глабалізм “постхрысціянскай эры”… Абвясцілі такую эру… Таму з аднаго боку абсалютная свабода, з другога абсалютнае шчыраванне нячыстай сілы і ў СМІ, і ўсюды. І масавае вынішчэнне дзетак у чэраве – гэта фактычна знішчэнне плямён нашых. Бо напачатку XX стагоддзя сярэдняя колькасць дзетак у сям’і складала 7 чалавек, а цяпер 1,3. Значыць, у сярэднім на сям’ю 5-6 дзетак забітыя ў чэраве маці. Безабаронныя Божыя стварэнні, а на іх тры забойцы: бацька, маці і лекар з інструментамі. Перад Богам гэта найстрашнейшае злачынства, таму, з аднаго боку, ёсць усе мажлівасці сабраць наш гістарычны плён, а з другога боку пануе страшны грэх самазнішчэння. Самазабойства – гэта грэх большы, чым забойства. Дык гэта калі забойства індывідуальнае, а тут нацыянальнае адбываецца. Ваша пакаленне павінна разумець, што мова якой мы гаворым з Богам – гэта не толькі словы, але і мова ўчынкаў. Дык на якой мове мы з Богам гаворым, чатвяртуючы ягоныя дары ў матчыным лоне? Гэта таксама пытанне мовы, якой мы з Богам размаўляем не словамі, а хірургічнымі інструментамі і яўным парушэннем запаведзі “не забі”.
Мужам і жэнам
…ёсьць ціхая ў сьвеце вайна,
зь якой – зь сямі –
шэсьць не вятраюцца…
бацькамі вядзецца яна..
і мала хто думае каяцца…
…сем-я – што ў нас нормай была
на самым пачатку XX-га –
ў Чырвоную кнігу сышла…
цяпер – адзін і… тры дзясятыя…
…мільярд Сьвята-Рускіх Славян… –
Вялікіх-… і Белых-… і Кіеўскіх-… –
у Вечны сышлі акіян,
расьпяцьце ва ўлоньні ўкусіўшы…
…брат-белы, гаворка мая
без лірыкі й без прыўкрасаў…
у кнізе Чырвонай – сям’я
і ўся наша белая раса……
_ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _ _
Гасподзь дапаможа паўстаць…
і зноў будзе з Пастырам статак…
– Мір В а м!.. – будзем гэтак вітаць пасланых
у с ь в е т н е м а ў л я т а к…
І вось у гэтай поліфаніі бачыце колькі галасоў адразу! Але гэта ўсё ў адным слове – “мова”. Гэта ўсё: і наш гістарычны плён, і сацыяльная наша актыўнасць сёння, і сямейная галасы, і індывідуальна-творчая праца, – усё мова, якой мы размаўляем з Госпадам. Ну і адно з адным спалучаецца. Так што, дай Бог, каб поліфанія нашай мовы, якой мы гаворым з Госпадам і з бліжнімі вывяралася абсалютным камертонам, які нам дадзены, або гучаннем Богачалавека, Яго Словам і зямным лёсам. Гэтым камертонам мы вывяраем гучанне нашага індывідуальнага і сацыяльна-гістарычнага спеву, так што хай наш спеў будзе чыстым, не фальшывым. І перад бліжнімі і перад Госпадам, а падчышчаецца спеў пакаяннем, прычашчэннем Святых Хрыстовых Тайн і зноў душа гучыць паводле камертону.
Родная мова там, дзе мы па сэнсу яе разумеем. Тут жа трэба ўсё тлумачыць… Родную мову трэба здабыць, яна яшчэ не ёсць… Тое, што ёсць – гэта толькі матэрыя, след, шлях – да гэтай роднай мовы…
Тое, як гаварылі гадоў 30 таму, - ці ўспрымаецца гэта як родная мова?.. Значыць, успрымаем мы толькі нейкі с т а н мовы…
Родная мова – гэта не тое, што ёсць, але і не тое, што было… /…Гэта яшчэ не ўзважана… як інтуіцыя нейкая… /.
(каля 30 гадоў, беларус, філосаф з Брэстчыны)
… Лёс мовы?...
Будзе не так, як “гісторыя захоча”…
Будзе так – як мы зробім!..
(21 год, беларус, студэнт БДУ)
АЛЕНА БАБІЧ: Узгадаю яшчэ тэму, якую Вы крыху закранулі раней – дакладнасць таго, што перакладаецца. Да адлюстравання ўсёй паўнаты напісанага на царкоўна-славянскай мове беларускай мове далёка. Дзеянні Святых Апосталаў, напрыклад, па-беларуску падаліся мне спрошчанымі. Нават у параўнанні з рускамоўным варыянтам. Мусіць, я б не хацела, каб гэты пераклад быў маёй першай у жыцці Бібліяй. Ці можа тады беларуская мова быць асноўнай пры данясенні Евангелія? У той жа час, у французаў ці іспанцаў такога пытання не ўзнікае.
ІНАК МІКАЛАЙ: Існуе музыка кожнай нацыянальнай мовы, у ёй асноўная таямніца душы нацыянальнай, лёсу нацыянальнага. Гэта музыка неперадавальная словамі. Дык вось, музыка кожнай нацыянальнай мовы – гэта непаўторны скарб і Божы дар кожнаму племені. Абавязкова ёсць музыка мовы царкоўна-славянскай яўна боганатхнёнай, дадзенай Раўнаапостальным, якая абняла музыку ўсіх славянскіх моў. Адкінуць царклоўна-славянскую мову, як некаторыя браты “прафесійныя рэвалюцыянеры” прапануюць, дык гэта духоўнае самазабойства, самае недаравальнае. Тое самае і нацыянальную сваю адкінуць.
Але якасць! Хай яшчэ працуюць браты з музычным слыхам моўным, хай яшчэ і новыя даюць варыянты. Мова наша младалітаратурная – яшчэ маладзенькая, у яе аграмадныя музычныя мажлівасці нерэалізаваныя! Так што трэба, каб і багасловы, і літаратары працягвалі працаваць і над літургічнымі тэкстамі, вывяраючы слоўцы з гучаннем царкоўна-славянскай. Я вось з паэта Алеся Разанава крыху жартую. У яго незвычайны моўны слых. Ён можа і новыя словы ўтварыць, але на аснове каранёў забытых, глыбінныя пласты мовы сучаснай падымае. Я кажу, будзь мая воля, дык я б цябе на гадок ці на колькі ў манастырскае паслушанне, у затвор, пакуль бы ты не пераклаў ўсё як ты чуеш. Ну ён усміхаецца, але разумее і нешта ў гэтым сэнсе і без затвору манастырскага робіць.
Наконт французаў, дык у каталікоў латынь была літургічнай мовай. Калі дзе-нідзе яшчэ вяліся багаслужэнні на латыні, малы, памятаю, зазіраў у Менскі касцёл. Незвычайна глыбокая музыка літургічнай латыні. У мяне нават верш ёсць:
…Лаціна – моваю імшы
ты станеш зноў для Беларусі.
Хто адысьці цябе прымусіў
ад беларускае душы?
Ты, мова казачных радкоў
боганатхнёнага Міколы…
і – беларускага касьцёлу ты станеш моваю ізноў…
…панове, не, гэта ня шал…
ня водбліск летуценьнеў кволых…
жыві, Зяноне – кардынал
аўтакефальнага касьцёлу!..
Такім вершам я адказаў братам каталікам аднойчы ў гаворцы наконт царкоўна-славянская мовы. Дык вось, не будзем паўтараць тую памылку, якую зрабілі браты каталікі. Я думаю, яны яе ўсё ж такі адчуваюць, і латынь у некаторых касцёлах гучыць яшчэ, а калі не, дык будзе. А царкоўна-славянская – гэта, можна сказаць, з нашага моўнага багацця найпершы голас. І роўны яму другі – наша рэліктавая мова. Мовазнаўцы яе яшчэ і сёння па вёсачках натуюць, яна яшчэ жывая ў дзядоў і бабуль – яна не знікла, традыцыя ўспрыняцця яе не перарвалася. Гэтае здабытае накладваецца на назапашаны ўзровень літаратурнай мовы, а цяпер ужо і сучаснай літургічнай. Так што гэты другі голас, можна сказаць, роўны першаму. Як запаведзь: любі Бога і бліжняга… Роўныя гэтыя два галасы як Божы дар. Сюды ж далучаем і ўсё, што мы ад бліжніх і дальніх братоў назапасілі.
Юнае пакаленне, каторае заклапочана лёсам сучаснай літаратурнай і літургічнай мовы, павінна ўсе творчыя патэнцыі скіраваць на тое, каб пры перакладзе па мажлівасці захаваць музыку царкоўна-славянская мовы. Ну, напрыклад, “Хрыстос Уваскрос – Усяісна Ўваскрос” – ва ўсёй паўнаце існа. Хаця слова царкоўна-славянскае “Воистину” мае адпаведнік – “сапраўды”, ну ці ж гэта паўната? Вось так як гэта, трэба і кожнае царкоўна-славянскае слова шукаць. Карнявая сістэма дазваляе. І знойдуцца словы. Ёсць шматтомны этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Ужо дзясяткі тамоў! Там мовазнаўцы аграмаднуюю працу правялі – кожнае там слоўца і этымалогія. І як той храм за кончык крыжа выцягнулі, так і тут атрымаецца. Дык вось гэтым мовазнаўцам яшчэ працаваць трэба каб музыку царкоўна-славянкай усю ўвабраць у сучасную літаратурную мову. Гэта будзе проста цуд, каторы мы яшчэ ўявіць сабе не можам!
Дзейнічайце ў гэтым кірунку. Царкоўна-славянскую як зрэнку вока беражыце, яна жывая, ужо другую тысячу гадоў гучыць, і хай гучыць ажно да Страшнага суда. І гэта нам узор: як Богачалавек нам камертон для нашага чалавечага аблічча, так царкоўна-славянская – гэта камертон для ўсіх сучасных славянскіх літаратурных моў. От, браты, хто слых мае! А тыя, каму мядзьведзь на вуха наступіў, што яму ні тлумач, ён не разумее пра што гаворка. Так што, хто мае духоўны, лінгвістычны слых і ўсю паўнату слыху сардэчнага, хай усе дары Божыя скарыстаюць, каб сучасная беларуская літаратурная і літургічная мова лепшымі былі. Калі ласка, калі здужаюць, хай яна абдыме царкоўна-славянскую, як бы і растане ў ёй, ці наадварот і царкоўнаславянская можа абняць. Як сястрычкі абдымуцца і адна адной перададуць сваю музыку, у якой тайна Божай задумкі пра ўсе іншыя плямёны, з якіх складаецца род наш грэшны.
_________________________________
Пасля інтэрв’ю прынята нешта пісаць. Выснову нейкую, вынік разважанняў… Не люблю гэтае “нешта”. Атрымліваецца, быццам бы журналіст тут разумнейшы за ўсіх: прыйшоў, убачыў, перамог. Нават калі ніхто і не збіраўся ваяваць, з гэтым вынікам здаецца, што прыйшлося. Таму не стану больш супярэчыць сама сабе і скончу вынік, яшчэ не пачаўшы яго. Спадзяюся, і ўсе магчымыя моўныя спрэчкі ў нас скончаццы гэтак жа – не паспеўшы пачацца.
(у цытытах і вершах арфаграфія аўтара захавана)
Оставить комментарий